Пад Віцебскам знайшлі меркаванае месца расстрэлу ахвяраў сталінізму


У лясным масіве побач з вёскамі Дрыколле і Хайсы Віцебскага раёну знойдзена меркаванае месца расстрэлу і пахавання ахвяраў масавых рэпрэсій 1930-ых гадоў.

Вялікія ямы глыбінёй 1-1,5 метра, на дне якіх знаходзяцца чалавечыя косці, 12 лістапада паказаў журналістам і грамадскім актывістам Віцебска чалец Кансерватыўна-хрысціянскай партыі – БНФ Ян Дзяржаўцаў. Ён атрымаў інфармацыю пра гэтыя пахаванні ад мясцовага жыхара Івана Кудзінава, а нядаўна разам з ягоным братам Сяргеем знайшоў магілы недалёка ад аўтадарогі Р115.

Як расказаў Сяргей Кудзінаў, падчас збору грыбоў яны з братам натрапілі на ямы з чалавечымі астанкамі яшчэ ў 1980-х гадах. Аднак з таго часу больш не наведвалі гэты лес. Ян Дзяржаўцаў запэўнівае, што яны знайшлі ў гэтым урочышчы каля сарака магіл.

Тыя пахаванні, якія паказалі журналістам, хутчэй за ўсё, былі калісьці раскапаныя, і большую частку астанкаў пахаваных у іх людзей дасталі. Аднак праз тое, што гэтыя работы праводзіліся неакуратна, частка касцей засталася на дне ямаў, у грунце, які абваліўся вакол.

У большасці ямаў былі знойдзеныя чалавечыя чарапы і буйныя косці. У часткі чарапоў у раёне патыліцы бачныя адтуліны, якія нагадваюць кулявыя. Побач з астанкамі знойдзеныя гумовыя падэшвы і скураныя халявы ад абутку.

Паводле слоў старажылаў з мясцовых вёсак, перад Другой сусветнай вайною ў гэтым лесе расстрэльвалі людзей, якіх па начах дастаўлялі сюды на аўтамабілях, як мяркуецца, з Віцебску.

Прадстаўнікі Кансерватыўна-хрысціянскай партыі – БНФ устанавілі на верагодным месцы пакарання смерцю і пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў тры драўляныя крыжы, а запрошаны грэка-каталіцкі святар правёў службу.

Акрамя таго, Ян Дзяржаўцаў, Алег Емяльянаў і Павел Сарапеня 12 лістапада звярнуліся ў абласную пракуратуру, следчы камітэт і УУС Віцебскага аблвыканкаму з просьбай правесці праверку па факце выяўлення імі масавага пахавання людзей са слядамі гвалтоўнай смерці.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН, фота Сяргея Серабро, БелаПАН

Стужка навінаў