Як у месцы оргіяў князя ВКЛ рассыпалі жменю беларускай зямлі


Тут забаўляўся з каханкамі апошні з вялікіх князёў літоўскіх. Падчас нямецкай акупацыі сюды маглі заходзіць толькі немцы, а ўжо пасля вайны гэтае месца наведаў спявак Майкл Джэксан.

Адное з самых прыгожых месцаў у Варшаве – гэта Каралеўскія Лазенкі. У часы ІІ сусветнай вайны акупацыйныя ўлады забаранілі палякам нават з’яўляцца ў найбольшым у польскай сталіцы парку – хараством каралеўскіх прысадаў маглі цешыцца толькі немцы. Знакамітае гэтае месца яшчэ і тым, што тут месціцца Бельведэр – гэткія польскія Дразды, дзе ў прэзідэнцкім палацы разам з жонкаю жыве кіраўнік Польшчы Браніслаў Камароўскі. У Лазенкі спяшаецца практычна кожны турыст, што прыязджае ў Варшаву. Пабываў там некалі і кароль поп-музыкі Майкл Джэксан.

[vc_single_image image=”2″ img_size=”large”]

У Каралеўскіх Лазенках не зробіш ранішнюю прабежку і не паездзіш на ровары. У парку, як і ў часы апошняга князя ВКЛ і польскага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, дазволена толькі шпацыраваць і сузіраць прыроду.

Вялікі парк у гэтым месцы заснаваў пад канец XVII стагоддзя вялікі гетман каронны Станіслаў Любамірскі. Першае, што зрабіў магнат у парку, – збудаваў там павільён з купальнямі. Адсюль і назва «Лазенкі».

«Любамірскі не любіў парыцца адзін, – можна пачуць на экскурсіях па Лазенках ад польскіх гідаў. – Звычайна магнат прывозіў з сабою маладых дзяўчат ды часта ладзіў оргіі».

Стаўшы ў 1764 годзе каралём, былы стольнік ВКЛ Станіслаў Панятоўскі, выкупіў Лазенкі ад Любамірскіх, каб бавіць там час летам. Замак караля стаяў у Варшаве на беразе Віслы, дзе непадалёк у рэчку высыпалі смецце. Ад гэтага ў летнюю спякоту смурод быў чутны нават у каралеўскіх пакоях. Уцячы ад дрэннага паху кароль меркаваў у Лазенкі, дзе загадаў пабудаваць сабе невялікую рэзідэнцыю. З цягам часу манарху і яго шматлікім палюбоўніцам стала цесна ў маленькім дамку, таму ён загадаў пабудаваць у парку новы палац, у якім жыць не захацеў – будынак яму не спадабаўся.

Нарэшце кароль вырашыў перабудаваць на штучнай выспе палац Любамірскага, дзе той раней займаўся любошчамі. У купальнях, выкладзеных галандскай кафляй, польскі манарх, як і папярэдні гаспадар, таксама любіў бавіць час з маладымі жанчынамі ў сексуальных оргіях. Распуста на каралеўскім двары была настолькі вялікай, што дваране часта мусілі лячыцца ад венерычных хваробаў, п’ючы на балях замест віна выключна напары з зёлак, пісаў польскі гісторык Тадэвуш Кожан.

[vc_single_image image=”6″ img_size=”large”]

«Кароль Панятоўскі – самы нелюбімы ў Польшчы манарх», – расказваюць падчас экскурсіяў. Ён праз сваю бязвольнасць і залежнасць ад Расеі спрычыніўся да падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы XVIII стагоддзя. У 1795 годзе Станіслаў Аўгуст зрокся польскага трону на карысць Кацярыны ІІ за абяцанне, што Расея заплаціць за ягоныя пазыкі ў 40 млн польскіх злотых. Апошнія гады жыцця Панятоўскі правёў у Пецярбургу, дзе і памёр у вялікіх даўгах. Пахавалі апошняга караля Рэчы Паспалітай і вялікага князя літоўскага ў 1798 годзе ў касцёле святой Кацярыны.

Перад ІІ сусветнаю вайною савецкія ўлады зачынілі святыню, а парэшткі караля перадалі ў Польшчу. Там доўга думалі, што з імі рабіць: караля лічылі здраднікам і яго нельга было пахаваць побач з іншымі польскімі манархамі ў Вавэльскім замку ў Кракаве. Урэшце польскія ўлады знайшлі развязанне: змясціць парэшткі ў касцёле ў Воўчыне на Палессі, дзе Панятоўскі нарадзіўся і быў ахрышчаны.

[vc_single_image image=”8″ img_size=”large”]

У 1939 годзе Воўчын далучылі да савецкай Беларусі, з касцёла зрабілі калгасны склад угнаенняў, а труну з парэшткамі караля пашкодзілі шукальнікі скарбаў. З аднаго з цынкавых саркафагаў, што былі ў сутарэннях касцёлу, мясцовы каваль зрабіў вёдры. Школьнікі гулялі ў футбол з чэрапам, што знайшлі ў склепе. Мясцовыя жыхары расказваюць, што адзін вельмі пабожны праваслаўны чалавек, бачачы, што здзекуюцца з чалавечых астанкаў, сабраў косці з касцельнага скляпення і пахаваў у невядомым месцы.

[vc_single_image image=”10″ img_size=”large”]

У 1987 годзе ў Воўчын вырушыў у экспедыцыю Аляксандр Мілінкевіч – тады дацэнт гарадзенскага ўніверсітэту. Сярод ягоных знаходак – рэшткі каранацыйнага плашча апошняга караля з ягоным родавым гербам «Цёлак». Знайшоў навуковец і косткі, але экспертыза паказала, што яны маюць жывёльнае паходжанне. Год пазней рэшткі каралеўскай труны і шатаў савецкія ўлады зноў перадалі ў Польшчу. У Гданьску даследавалі зямлю, узятую са скляпенняў воўчынскага касцёлу, і вынайшлі – у зямлі ёсць кавалкі людскіх костак, якія маглі належаць Панятоўскаму. Парэшткі з Воўчына некаторы час захоўвалі ў палацы на выспе ў Лазенках, а пазней змясцілі ў скляпенні катэдральнага касцёлу святога Яна ў Варшаве.

Апошні кароль Рэчы Паспалітай, аднак, зажадаў пры жыцці, каб яго пахвалі ў ягоных улюбёных Лазенках. Што мелі рабіць палякі? Тагачасны дырэктар парку Марэк Квяткоўскі выбраўся ў Беларусь ды прывёз з Воўчына жменю зямлі з сутарэнняў, якую сімвалічна рассыпаў у Лазенках. У памяць пра гэта ён паставіў у парку памятны знак.

[vc_single_image image=”12″ img_size=”large”]

«Гэта зямля з Воўчына. У Беларусі гэтае селішча называюць Валожынам», – распавядае слухачам польскі гід. –  «Не, Воўчын так і называецца Воўчын, – паправіў я яго. – Гэта вёска на Палессі, даволі далёка ад Валожына». – «На папярэдняй экскурсіі былі людзі з Беларусі. І гэта яны падказалі, што Воўчын – гэта Валожын», – апраўдваўся экскурсавод.

З цягам часу ў Польшчы пачалі крыху па-іншаму ацэньваць асобу Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Гісторыкі Мар’юш Тромба ды Лех Бельскі, да прыкладу, адзначаюць, што дзякуючы апошняму каралю ў Польшчы квітнела культура і навука – уладар падтрымліваў развіццё польскай літаратуры, тэатру, архітэктуры, і г.д. Ён сам пісаў на польскай мове ды садзейнічаў друку першых польскамоўных часопісаў. Гэта вельмі ўзмацніла польскую свядомасць ды дапамагло палякам не асімілявацца ў часы, калі яны не мелі ўласнай дзяржавы.

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Стужка навінаў