Майдан і смерць на «Вulbamovie»


Першы дзень беларускага кінафестывалю ў Варшаве распачаўся са стужкі пра забойства ўкраінца, а скончыўся «Майданам» ад Сяргея Лазніцы.

«Рускі» і «Майдан»

Чацвёрты год запар культурная прастора польскай сталіцы ўзбагачаецца беларускім кінамастацтвам. «Бывала па-рознаму. Спантанна і адначасова не надта салідна. Але напэўна з энтузіязмам!», – піша на старонцы «Вulbamovie» каардынатар фестывалю Януш Гаўрылюк.

Польскі кінематаграфічны бамонд безумоўна гэты энтузіязм заўважыў. Нездарма першы фестывальны дзень арганізатары назвалі «беларуска-ўкраінска-польскім трохкутнікам». Два фільмы і 13 трэйлераў дакументальных кінастужак, якія паказалі ў першы дзень фэсту, так ці інакш закранулі сёлетнія трагічныя падзеі ва Украіне.

Людзей прыйшло няшмат, але і залю, дзе адбыліся паказы Radio City Music Hall’ам не назавеш. Фестываль распачаўся з фільма «Рускі» Віктара Аслюка (сябра журы «Вulbamovie») Неверагодная, сюррэалістычная гісторыя пра тое, як расеец, які насамрэч беларус, забівае аўстрыйца, які на самой справе ўкраінец і ўсё гэта адбываецца падчас І сусветнай вайны. А скончыўся першы дзень кінафэсту моцнай дакументалістыкай ад беларускага мэтра Сяргея Лазніцы, які распавядае пра «Майдан» з усімі яго героямі і Іудамі. 

Анонс

Беларускі кінафестываль у Варшаве працягнецца да 26 кастрычніка. Наперадзе конкурсныя паказы і чатыры фестывальныя прэм’еры:

«Hard reboot» (2014 г.) рэж. Андрэй Кудзіненка

«Ваня і Татошка» (2014 г.) рэж. Іван Маслюкоў

«Одолень трава» (2014 г.) рэж. Андрэй Мычко

«Здымаць на паражэнне» (2014 г.) рэж. Крыс Нонг

Глядзіце беларускае! Хай моц будзе з вамі і прынясе вам кінематаграфічны прыплод!

Юрась Высоцкі, belsat.eu

Стужка навінаў