На прэзентацыю рамана «Мова» ў Горадні ўварвалася міліцыя


Міліцыянты прыпынілі прэзентацыю твору пра беларускую мову ды склалі пратаколы на аўтара рамана Віктара Марціновіча ды грэка-каталіцкага святара Андрэя Крата. Імпрэза праходзіла ў парафіяльным цэнтры грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай.

Віктар Марціновіч паспеў сказаць некалькі словаў пра сябе і свае папярэднія творы. Акурат пасля таго, як ён зазначыў, што Горадня адзін з ягоных любімых куточкаў Бацькаўшчыны, і распавёў пра сваю чарговую ўзнагароду на міжнародным літаратурным конкурсе, у памяшканні з’явіліся міліцыянты. Не саромеючыся поўнай залы, дзе сабраліся з паўсотні чалавек, яны папрасілі Віктара Марціновіча прайсці на другі паверх будынку, каб растлумачыць, што адбываецца.

Пісьменнік патлумачыў, што ён – аўтар бестселеру, які прэзентаваўся ў шмат якіх месцах у Беларусі і за мяжою.

Пазней да міліцыянтаў далучыўся чыноўнік з аддзелу ідэалогіі і справаў моладзі гарвыканкаму Андрэй Ярашэвіч, а таксама працаўнік МНС. Галоўны закід міліцыі – прэзентацыя адбывалася ў будынку, не здадзеным у эксплуатацыю, дзе не правераны стан пажарнай бяспекі.

Пасля гадзіннай размовы з аўтарам кнігі ды святаром-настаяцелем прыходу міліцыянты паспачувалі Віктару Марціновічу, што арганізатары імпрэзы не паклапаціліся пра добрыя ўмовы для прэзентацыі. Яны наказалі перадаць удзельнікам імпрэзы, каб тыя разыходзіліся. Спадар Віктар прапанаваў, каб аўдыторыі ўсё растлумачылі самі прадстаўнікі ўладаў.

Калі ўдзельнікі папрасілі не забараняць імпрэзы, ідэолаг і міліцыянты адвялі на прэзентацыю 10 хвілінаў.

«Першыя дзесяць хвілінаў я быў у шоку. Пасля прэзентацыяў у іншых гарадах, я не чакаў такога ў Горадні. Мне вельмі крыўдна, што тут гэта здарылася. Але калі будуць наступствы для прыходу, калі трэба будзе заплаціць штраф, я выступлю не толькі ў Беларусі, кажучы пра тое, што тут адбылося», – запэўніў Віктар Марціновіч.

Пісьменнік апошнімі днямі выехаў на навуковы стаж за мяжу. У Беларусь ён завітаў на некалькі дзён, каб прэзентаваць раман «Мова» ў Горадні, Лунінцы, Менску і Віцебску. Ягоны раман распавядае пра ўяўную будучыню, у якой беларуская мова лічыцца небяспечным наркотыкам і забароненая ўладамі.

Сёння кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка спаткаўся з беларускімі літаратарамі, сярод якіх былі як прадстаўнікі праўладнага Саюзу пісьменнікаў, гэтак і незалежныя творцы. «У жыцці нашага народу літаратура заўсёды была сродкам пазнання свету і выхавання асобы. Нездарма паэзія і проза Купалы і Коласа, Багдановіча і Мележа, Караткевіча і Быкава з’яўляюцца крыніцай нацыянальнага гонару шмат якіх пакаленняў беларусаў», – сказаў Лукашэнка.

МГ, belsat.eu

Стужка навінаў