Беларусы знайшлі ў Коўне дзверы, якія стварыў аўтар бел-чырвона-белага сцяга




Удзельнікі сёлетняга Кангрэсу даследнікаў Беларусі ў Коўне ўшанавалі месца спачыну дзеяча Беларускай Народнай Рэспублікі Клаўдзія Дуж-Душэўскага ды агледзелі дамы, якія той запраектаваў.

Актывісты з Беларусі, Літвы, Польшчы і Вялікай Брытаніі, сярод якіх – сябра актуальнай Рады БНР Мікалай Пачкаеў, прадстаўнік беларускай дыяспары ў Коўне Васіль Казлоўскі, грэка-каталіцкі святар з Горадні а. Андрэй Крот і інш., наведалі месца пахавання дыпламата і дзяржаўнага сакратара ўраду БНР Клаўдзія Дуж-Душэўскага на могілках Петрашунай у Коўне. Малебен за памерлага дзеяча і ягоных блізкіх адслужыў святар Беларускай каталіцкай місіі ўсходняга абраду ў Лондане айцец Сяргей Стасевіч.

Пасля малітвы і выканання духоўнага гімна «Магутны Божа» спадар Мікалай Пачкаеў паказаў ахвотным дамы пры вуліцы Данелайча (Donelaicio), архітэктарам якіх быў Дуж-Душэўскі. У адным з будынкаў захаваліся арыгінальныя дзверы 1936 года, вырабленыя, мяркуючы па ўсім, як частка праекту Душэўскага.

Клаўдзій Дуж-Душэўскі (1891-1959) лічыцца аўтарам першага эскізу бел-чырвона-белага сцяга, які ўпершыню залунаў у сакавіку 1917 года на будынку Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны ў Пецярбургу. У сваіх пазнейшых успамінах пра той час Дуж-Душэўскі пісаў: «Цікава адзначыць, што беларусы лічылі сваім дзяржаўным сцягам такі ж сцяг, як і літоўцы, г. зн. белы вершнік на чырвоным фоне, але нацыянальнага сцяга тады яшчэ не было, і мне давялося зрабіць некалькі праектаў нацыянальнага сцяга, адзін з якіх быў прыняты, а менавіта белая, чырвоная і белая паласы. З гэтага часу гэты сцяг і з’яўляецца беларускім нацыянальным сцягам». У снежні 1917 года бел-чырвона-белы сцяг выкарыстоўвалі падчас Усебеларускага з’езду ў Менску, а ў 1918 годзе вывесілі на будынку былога губернатарскага палацу пасля ўцёкаў з гораду бальшавікоў.

Восенню 1919 года Дуж-Душэўскі займаў пасаду дыпламатычнага прадстаўніка ўраду БНР у дзяржавах Балтыі, а з канца 1919 да 1923 года быў дзяржаўным сакратаром БНР ва ўрадзе Вацлава Ластоўскага. З 1921 года дзеяч жыў у Коўне, дзе закончыў універсітэт, працаваў архітэктарам і быў стваральнікам шэрагу будынкаў. Пасля далучэння Літвы да СССР Дуж-Душэўскі трапіў у савецкую турму, а падчас нямецкай акупацыі яго за дапамогу габрэям трымалі ў нацысцкім канцлагеры. У лютым 1952 года савецкія ўлады зноў арыштавалі Душэўскага за «беларускі нацыяналізм» і асудзілі да 25 гадоў зняволення ў Гулагу. У 1955 годзе беларускага дзеяча вызвалілі, і ён змог вярнуцца ў Коўна, дзе праз некалькі гадоў памёр.

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Стужка навінаў