Баскетбалістка Кацярына Сныціна завершыла кар’ёру пераможным матчам


Беларуская баскетбалістка Кацярына Сныціна правяла апошні матч у сваёй кар’еры і выйграла яго: ейная каманда стала чэмпіёнам Вялікай Брытаніі.

Кацярына Сныціна. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: betnews.by

19 траўня адбылася фінальная гульня чэмпіянату Вялікай Брытаніі, у якім каманда Кацярыны Сныцінай «London Lions» перамагла каманду «Newcastle Eagles» з лікам 92:65.

Гэта была апошняя гульня ў спартовай кар’еры Кацярыны і другі чэмпіёнскі тытул, які яна заваявала для сваёй каманды.

У красавіку 2024 года «London Lions» з непасрэдным удзелам Кацярыны заваявала Еўракубак – гэта другі па значнасці баскетбольны турнір у Еўропе.

Кацярына Сныціна неаднаразова станавілася чэмпіёнкай Беларусі, Францыі, Вялікай Брытаніі, Польшчы, мае трафеі кубку Польшчы, прэзідэнта Турэччыны і Еўракубку.

Вядома, што ў 2020 годзе Кацярына Сныціна падтрымала пратэсты і выступіла супраць фальсіфікацыі выбараў, а таксама супраць гвалту, які чынылі ў паслявыбарчы час сілавікі рэжыму Лукашэнкі. У 2021 годзе яна была выключана са складу зборнай Беларусі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў