У Мінздароўя Беларусі прыдумалі, як яшчэ рэгуляваць кошты на стаматалагічныя паслугі


Міністэрства аховы здароўя прыняло чарговыя новаўвядзенні ў наданне стаматалагічных паслугаў. Яны мусяць набыць моц з 1 ліпеня і закрануць як дзяржаўныя, так і прыватныя медычныя ўстановы.

Стаматолагі
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Стаматолагі.
Фота: Andrea Piacquadio / Pexels.com

Ведамства ўстанавіла нормы часу і расходу матэрыялаў на платныя стаматалагічныя паслугі незалежна ад формы ўласнасці. Згодна з пастановай міністэрства, нормы расходу матэрыялаў павінны быць зніжаныя кіраўнікамі юрыдычных асоб і індывідуальнымі прадпрымальнікамі ў залежнасці ад ужываных тэхналогіяў, матэрыяльна-тэхнічнай абсталяванасці, фактычнага расходу і іншых фактараў.

Чыноўнікі разлічваюць, што новаўвядзенні будуць садзейнічаць зніжэнню кошту платных стаматалагічных паслуг.

З 1 лістапада 2023 года ў Беларусі ўжо пачалі рэгуляваць тэрапеўтычныя, хірургічныя і артадантычныя стаматалагічныя паслугі. Гэта таксама было зроблена для таго, каб падвысіць іх даступнасць для насельніцтва.

У ведамстве заяўлялі, што выдаленне малочнага зуба ў сярэднім мусіла стаць таннейшым на 33 %, складанае выдаленне – на 42 %, лячэнне сярэдняга карыесу – на 47 %. Але менш чым праз год спатрэбілася дадатковае рэгуляванне.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў