Сейм Польшчы 16 траўня прыняў папраўкі да закону аб дапамозе грамадзянам Украіны ў сувязі з ваенным канфліктам на тэрыторыі гэтай краіны. За папраўку да закона прагаласаваў 381 дэпутат, супраць – 19, а 20 устрымаліся пры галасаванні, піша PAP.
Прыняцце паправак рэкамендаваў парламенцкі камітэт адміністрацыі і ўнутраных справаў. Прынятыя папраўкі падаўжаюць на чатыры месяцы тэрмін падачы заяваў на ўмоўнае права займацца прафесіяй лекара, стаматолага, медсястры і акушэркі. Падчас пасяджэння камітэту намесніца міністра адукацыі Ёана Муха адзначыла, што папраўка звязаная з нядаўнім спыненнем у Беларусі выдачы дакументаў, што пацвярджаюць здачу выпускнога экзамену, сваім грамадзянам, якія знаходзяцца за мяжой, што пазбаўляе іх права вучыцца ў Польшчы. Паводле яе, гэта датычыць прыкладна пяці тысяч грамадзянаў Беларусі, але можа распаўсюджвацца і на грамадзян іншых краін.
Яшчэ адна папраўка падаўжае да 30 верасня 2025 года легальнасць знаходжання для ўкраінцаў, якім нададзены нумар PESEL UKR, а таксама прывязку з наступнага года выплатаў, у тым ліку 800+ да абавязковай школьнай адукацыі ўкраінскіх дзяцей.
Пастанова таксама пашырае доступ да медычных, сямейных і сацыяльных дапамог, дапамог, якія выплачваюцца ZUS, і магчымасці пражывання ў цэнтрах калектыўнага размяшчэння.
Таксама прапісаны максімальны 36-месячны перыяд, на працягу якога навучэнцы могуць наведваць дадатковыя бясплатныя ўрокі польскай мовы. Рашэнне будзе распаўсюджвацца на вучняў, якія пачалі наведваць заняткі ў 2022/2023 і 2023/2024 гадах.
Закон таксама прадугледжвае ўвядзенне новых правілаў пацверджання асобы грамадзяніна Украіны, які прэтэндуе на атрыманне нумара PESEL. Адзіны спосаб пацвердзіць сваю асобу – прадставіць сапраўдны праязны дакумент.
Пастанова таксама прадугледжвае, што з 1 ліпеня фінансаванне падтрымкі ў выглядзе пражывання і харчавання для бежанцаў з Украіны, якія знаходзяцца ў асабліва складанай сітуацыі, будзе магчымае толькі на падставе падпісанай дамовы з мясцовым ваяводам або органам мясцовага самакіравання, які дзейнічае на падставе загаду ваяводы. Зменяцца і правілы ўдзелу ў выдатках на пражыванне і харчаванне ў цэнтрах калектыўнага размяшчэння, дзякуючы чаму мусіць павялічыцца эфектыўнасць збору належных субсідыяў.
Закон таксама прадугледжвае адмену льгот, звязаных з кампенсацыяй выдаткаў на пражыванне і харчаванне ваенных бежанцаў, панесеных уладальнікамі прыватных памяшканняў. З 1 ліпеня спыняецца падтрымання фінансавання фотаздымкаў і аднаразовай грашовай дапамогі ў памеры 300 злотых.
Закон, за выключэннем некаторых палажэнняў, мае набыць моц 1 ліпеня. Цяпер яго будзе абмяркоўваць Сенат.
Якуб Хруст belsat.eu