Краўцова са штабу Бабарыкі завочна асудзілі на 11 гадоў


У Менску прайшоў завочны суд над сябрам штабу Віктара Бабарыка Іванам Краўцовым. Прысуд над ім 16 траўня апублікавала прэс-служба Вярхоўнага суда.

Іван Краўцоў, прадстаўнік штабу Віктара Бабарыка. Варшава, Польшча. 30 верасня 2021 года.
Фота: Света Фар / Белсат

Івану Краўцову завочна прызначылі 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым «у змове, здзейсненай з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» (ч.1 арт. 357 КК), «у стварэнні экстрэмісцкага фармавання» (ч. 1 арт. 361-1 КК), «у наўмысных дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненых групай асоб» (ч. 3 арт. 130 КК), а таксама «ў дапамозе ў здзяйсненні наўмысных дзеянняў, накіраваных на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненых групай асоб, якія пацягнулі іншыя цяжкія наступствы» (ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 КК).

Разам з тым была спыненая вытворчасць паводле ч. 4 арт. 209 КК («Завалоданне маёмасцю шляхам падману і злоўжывання даверам (махлярства), учыненае ў асабліва буйным памеры»).

Краўцоў быў каардынатарам штабу Віктара Бабарыкі і арганізацыйнага камітэту партыі «Разам». Ён сакратар Каардынацыйнай рады з моманту яе ўтварэння ў 2020 годзе. У верасні 2020 года ён быў затрыманы і прымусова вывезены за мяжу Беларусі.

Пра пачатак спецвытворчасці ў дачыненні Краўцова паведамлялася 23 студзеня 2024 года. Следства было скончанае ўжо ў лютым.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў