Украінскія эксперты пра тое, дзе чакаць актывізацыі войскаў РФ і што адбываецца пад Харкавам


Украінскія вайсковыя эксперты мяркуюць, што Расея сваёй атакай на Харкаў сапсавала свае ж магчымасці для наступу на іншых напрамках.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

«Другая палова траўня – пачатак чэрвеня павінны стаць перыядам значнай актывізацыі РАВ [расейскіх акупацыйных войскаў. – рэд. belsat.eu] на Краматорскім, Пакроўскім, Ліманскім і Купянскім кірунках. Таксама перад РАВ стаіць задача да канца лета зрэзаць Робацінскі выступ і ўзяць пад кантроль Старамаёрскае і Ураджайнэ на Урэмаўскім напрамку», – піша Аляксандр Каваленка ў сваім тэлеграм-канале.

Пры гэтым, паводле яго, «сур’ёзны рэсурс» расейскіх войскаў быў выдаткаваны падчас наступу ў Харкаўскай вобласці, які Аляксандр Каваленка лічыць «імітацыяй»:

«Прычым для працягу штурму Ваўчанску расейскім акупантам даводзіцца прыцягваць падраздзяленні з іншых напрамкаў і груп войскаў».

На яго думку, з гэтай прычыны ў Расеі мусіць быць павышаная «мяжа мабілізацыі, прыкладна, да 40 тысяч» ці нават больш.

«Без аб’яўлення ўсеагульнай або «частковай» мабілізацыі, РАВ не змогуць працягваць актыўныя баявыя дзеянні», – адзначыў Каваленка.

У сваю чаргу вайсковы аглядальнік Канстанцін Машавец мяркуе, што расейскае камандаванне разлічвала, што ЗСУ будуць вымушаныя задзейнічаць на Харкаўскім аперацыйным кірунку значную частку сваіх рэзерваў, у тым ліку стратэгічных.

«А вось як атрымліваецца. Расейцы самі вымушаны цягнуць туды ўласныя рэзервы з іншых аперацыйных напрамкаў (напрыклад, з Краматорскага і Купянскага), каб проста – «замацавацца на ўскраіне Ваўчанску» або «прарвацца ў Ліпцы»», – заявіў ён.

Паводле яго, «расейскае камандаванне, падобна, вырашыла пагуляць у загадзя пройгрышную гульню», грунтуючыся на канспіралогіі.

Аналітыка
Наступленне Расеі на Харкаўшчыне: што гэта значыць і чаго чакаць далей?
2024.05.15 19:55

Расейская армія 10 траўня перайшла ў наступленне на поўначы Харкаўскай вобласці, дзе актыўных баявых дзеянняў не вялося з 2022 году. Па мерках цяперашняй пазіцыйнай вайны тэмпы прасоўвання ў першыя дні наступу аказаліся досыць высокія, цяпер існуе пагроза захопу Ваўчанску.

Аднак поспехі расейскай арміі пакуль абмяжоўваюцца выключна тактычным узроўнем. Сілы агрэсара не ўчынілі глыбокага прарыву, не захапілі буйных паселішчаў і не перарэзалі жыццёва важныя транспартныя камунікацыі. Тыя прыгранічныя паселішчы, якія акупавалі расейцы, фактычна знаходзіліся ў «шэрай зоне» і не былі разлічаны да працяглую абарону.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў