Расейцы амаль занялі Георгіеўку каля Данецку. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 814-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі на вечар 17 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі вайсковец батальёну 92-й брыгады ЗСУ трымае беспілотнік FPV перад палётам каля расейскай мяжы ў Харкаўскай вобласці, Украіна. 15 траўня 2024 года.
Фота: Inna Varenytsia / Reuters / Forum

Харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах Харкаўскай вобласці)

На поўначы Харкаўскага раёну Узброеныя сілы РФ намагаюцца развіць поспех па лініі Глыбокае – Лук’янцы – Зялёнае.

Тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што войскі РФ прасунуліся на поўдні ад першага паселішча па тэрыторыі садовага таварыства Ліра-1 і выйшлі да паўночных ускрайкаў буйнога сяла Лыпці.

Яшчэ адна прарасейская крыніца – канал «Два майора» – удакладняе, што агулам на гэтым участку фронту УС РФ прайшлі ад 300 да 600 метраў за содні.

Таксама на поўначы Харкаўскай вобласці расейцы наступаюць у Чугуеўскім раёне на тэрыторыі Ваўчанску і ў яго ваколіцах.

«Рыбарь» піша, што ў Ваўчанску расейцы паступова прасоўваюцца да ракі Воўча, якая дзеліць горад на паўночную і паўднёвую часткі.

Тым часам праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» адзначае, што войскі РФ пачалі сцягваць да гораду цяжкую тэхніку, але пакуль яе ўдаецца знішчаць яшчэ на подступах.

Канал «Офіцер» мяркуе, што лёс гораду будзе залежаць не толькі ад баёў у ім, але яшчэ і ад сітуацыі на флангах. Таксама вызначальную ролю мае адыграць кампетэнтнае ўвядзенне ў бой рэзерваў адным з бакоў канфлікту.

Разам з тым камандаванне Збройных сілаў паведамляе, што пакуль сітуацыя ў Ваўчанску застаецца кантраляванаю.

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На купянскім кірунку, паводле Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, расейцы цягам содняў намагаліся палепшыць сваё тактычнае становішча ў ваколіцах Вільшанаў, Іванаўкі, Бераставога і Мясажароўкі, але поспеху не дасягнулі.

У гэты ж час ЗСУ спрабуюць адкінуць праціўніка з паўночна-ўсходніх ваколіцаў Сынькоўкі да суседніх Вільшанаў.

На ліманскім кірунку Узброеныя сілы РФ ціснуць на пазіцыі ўкраінцаў на левым беразе ракі Жарабец, але пакуль прасунуцца не могуць. Агулам на гэтым участку фронту цягам апошніх дзён назіраецца зніжэнне актыўнасці расейцаў.

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай і Луганскай вобласцях з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец)

На выступе па фронце з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец ініцыятыва таксама застаецца за Узброенымі сіламі РФ, якія ціснуць у ваколіцах Раздолаўкі і Выемкі, імкнучыся ў выніку выйсці да гораду Сівэрск, але пакуль Сілам абароны Украіны ўдаецца адбіваць атакі праціўніка.

Адсутнічаюць змены па лініі сутыкнення і на краматорскім кірунку, дзе асноўныя намаганні расейцаў засяроджаныя ў ваколіцах Часавага Яру: тут яны штурмуюць пазіцыі ЗСУ на ўсходніх ускрайках гораду, а таксама ціснуць на флангах з боку сёлаў Багданаўка і Іванаўскае – на поўначы і поўдні адпаведна.

Вайскоўцы Збройных сілаў з гэтага ўчастку фронту пішуць, што Часаў Яр – цалкам пад іхным кантролем, але расейцы працягваюць штурмаваць малыя групы па лініі сутыкнення, імкнучыся знайсці слабыя месцы ў абароне.

Канал «Говорять Снайпер» паведамляе, што ранкам 17 траўня на адным з участкаў войскі РФ распачалі масаваны штурм пры падтрыманні каля 20 адзінак тэхнікі, але пакуль ЗСУ ўдаецца адбівацца. Пры гэтым адзначаецца, што расейцы маюць перавагу ў сродках радыёэлектроннай барацьбы, што скарачае магчымасці для праціўніка ўжываць БПЛА.

Далей на поўдзень па фронце працягваюцца баі па лініі Андрэеўка – Курдзюмаўка – Азаранаўка. Прарасейскі тэлеграм-канал «Архангел Спецназа» сцвярджае, што тут Збройныя сілы застаюцца ў глухой абароне.

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На пакроўскім кірунку расейцы наступаюць на захадзе ад Аўдзееўкі, імкнучыся развіць ранейшы поспех.

Генштаб ЗСУ піша, што тут толькі за апошнія содні Сілы абароны краіны адбілі не менш за 14 атак праціўніка. Таксама ў ведамстве адзначаюць, што найбольш гарачы ўчастак фронту застаюцца ваколіцы Новааляксандраўкі (паўночны фланг кірунку).

У Міністэрстве абароны РФ фіксуюць контратакі ўкраінцаў уздоўж усёй лініі сутыкнення на кірунку.

Разам з тым істотных зменаў па фронце не адзначае ніводная з крыніцаў.

На суседнім, курахаўскім кірунку ідуць баі ў ваколіцах Краснагораўкі, Георгіеўкі, Парасковіеўкі і Вадзянога. «Рыбарь» сцвярджае, што расейцы прасунуліся ў Георгіеўцы і выйшлі да заходніх ускрайкаў сяла. Паводле апошняй інфармацыі, пад кантролем Збройных сілаў застаецца ўсяго адзін зруйнаваны будынак.

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На поўдні Данецкай вобласці баі ў асноўным лакалізуюцца на гэтак званым урэмаўскім выступе каля Уражайнага і Старамаёрскага, але значных зменаў лініі сутыкнення за апошнія содні не фіксуецца.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Воин DV» паведамляе, што далей на захад ад гэтага ўчастку фронту Узброеныя сілы РФ занялі адзін з апорных пунктаў праціўніка з паўднёвага захаду ад Гуляйполя ў Запарожскай вобласці.

У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці баявыя дзеянні ідуць на выступе па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў. Канал «Два майора» піша аб прасоўваннях войскаў РФ на паўночным захадзе ад сяла Вэрбовае. Расейскі ваенкар Сямён Пегаў гаворыць пра рух УС РФ на ўсходніх ускрайках суседняга Работына.

У Херсонскай вобласці, паводле Генштабу ЗСУ, праціўнік атакуе плацдарм сілаў абароны ў сяле Крынкі на левым беразе Дняпра, але поспеху не мае.

Прарасейскія крыніцы пішуць, што акрамя гэтага войскі РФ намагаюцца заняць астраўную зону ракі і ўсталяваць там свае назіральныя пункты дзеля стварэння гэтак званай буфернай зоны.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў