Прарасейскія крыніцы пішуць пра пачатак штурму Часавага Яру. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 815-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 18 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

Слуп дыму падымаецца з-за жылых дамоў пасля абстрэлу расейскіх войскаў. Харкаў, Украіна, 17 траўня 2024 г.
Фота: Madiyevskyy Vyacheslav/Ukrinform / Abaca Press / Forum

Харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах Харкаўскай вобласці)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што на поўначы Харкаўскага раёну расейцы наступаюць на ўскрайках буйнога сяла Ліпцы. Пры гэтым адзначаецца, што самыя ЗСУ контратакуюць, імкнучыся адкінуць праціўніка на поўнач да населенага пункту Глыбокае.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што таксама на харкаўскім кірунку войскі РФ ціснуць у ваколіцах сяла Лукʼянцы (на паўночным усходзе ад Ліпцаў), дзе ім удалося расшырыць зону кантролю.

На яшчэ адным участку фронту на поўначы Харкаўскай вобласці Узброеныя сілы РФ наступаюць у горадзе Ваўчанск і ягоных ваколіцах (у Чугуеўскім раёне).

У Міністэрстве абароны РФ заявілі пра пераход пад свой поўны кантроль сяла Старыца (на паўднёвым захадзе ад Ваўчанску).

Прарасейскі канал «НгП раZVедка» сцвярджае, што таксама УС РФ захапілі сяло Зыбіна (на ўсходзе ад гораду). Тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» піша, што войскі РФ маюць прасоўванні і ў самім Ваўчанску.

Яшчэ адна праўкраінская крыніца – канал «Офіцер» – удакладняе, што расейцы занялі ўсяго некалькі будынкаў у так званай шэрай зоне.

Таксама крыніца адзначае, што пакуль УС РФ упэўнена кантралююць толькі паўночную частку гораду і не спяшаюцца прасоўвацца далей.

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На купянскім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы праводзілі штурмавыя дзеянні каля сёлаў Бераставое і Сынькоўка, але поспеху не дасягнулі. Пры гэтым адзначаецца, што самыя ўкраінцы працягваюць контратакаваць у ваколіцах Сынькоўкі, імкнучыся адкінуць праціўніка.

На суседнім ліманскім кірунку Узброеныя сілы РФ цягам содняў атакавалі на левым беразе ракі Жарабец каля сёлаў Новасадовае і Торскае, а таксама каля Грыгораўкі (на поўначы ад ракі Сівэрскі Данец), але прасунуцца не здолелі.

ЗСУ контратакуюць каля населеных пунктах Церны і Дзіброва.

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай і Луганскай вобласцях з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец)

На сівэрскім кірунку войскі РФ пяць разоў намагаліся прарваць абарону ўкраінцаў у ваколіцах сяла Раздолаўка, але поспеху не дасягнулі. Агулам на так званым сівэрскім выступе сітуацыя застаецца адносна стабільнай. Больш інтэнсіўныя баявыя дзеянні ідуць на суседнім краматорскім кірунку, дзе асноўныя намаганні Узброеных сілаў РФ засяроджаныя ў ваколіцах гораду Часаў Яр.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Архангел Спецназа» сцвярджае, што войскі РФ зайшлі ва ўсходнюю частку гораду (мікрараён на ўсходзе ад каналу Сівэрскім Данец – Данбас) і цяпер вядуць цяжкія баі.

Яшчэ адна крыніца – канал «Два Майора» – удакладняе, што штурм ажыццяўляецца пры падтрымцы танкаў і артылерыі.

«НгП раZVедка» паведамляе, што акрамя гэтага расейцы прасоўваюцца ў сяле Клішчыеўка (на паўднёвым усходзе ад Часавага Яру), дзе становішча сілаў абароны Украіны набліжаецца да крытычнага.

Між тым праўкраінскі тэлеграм-канал «Бахмутський Балу» сцвярджае, што ЗСУ адбілі ўсе атакі праціўніка на свае пазіцыі ў населеным пункце.

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На пакроўскім кірунку расейцы намагаюцца развіць поспех на захадзе ад раней занятага гораду Аўдзееўка.

«НгП раZVедка» паведамляе, што войскі РФ выбілі праціўніка з панавальных вышыняў на поўначы ад сяла Ачэрэтына і цяпер намагаюцца самыя замацавацца на новых пазіцыях.

На паўднёвым фланзе кірунку Узброеныя сілы РФ выбіваюць праціўніка з ускрайкаў сяла Нятайлава, а таксама наступаюць каля Уманскага.

Аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што ў Нятайлава ЗСУ пакуль удаецца стрымліваць праціўніка.

Мінабароны РФ фіксуе контратакі ўкраінцаў у ваколіцах сёлаў Архангельскае, Салаўёва, Нятайлава і Уманскае.

На курахаўскім кірунку застаецца складаная для Збройных сілаў сітуацыя ў Краснагораўцы. «Рыбарь» піша, войскі РФ зачысцілі кацёл на ўсходзе ад гораду, а таксама прасунуліся на поўнач і захад у самім населеным пункце. Цяпер, паводле крыніцы, украінцы абараняюцца ў больш нізіннай прыватнай частцы гораду.

Урэмаўскіарэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На поўдні Данецкай вобласці расейцы зноў атакавалі ў ваколіцах сяла Старамаёрскае на так званым урэмаўскім выступе, але прасунуцца не здолелі.

У гэты жа час ЗСУ контратакавалі каля сёлаў Уладзіміраўка і Новамаёрскае – таксама без поспеху.

У Запарожскай вобласці баі лакалізуюцца на выступе па фронце паміж населенымі пунктамі Вэрбовае і Работына (з поўдня ад гораду Арэхаў), але істотных зменаў лініі сутыкнення не адзначае ніводная з крыніцаў.

У Херсонскай вобласці расейцы атакуюць на левым беразе Дняпра ў ваколіцах сяла Крынкі, але пакуль сілам абароны Украіны ўдаецца стрымліваць праціўніка.

Меркаванні
Украінскія эксперты пра тое, дзе чакаць актывізацыі войскаў РФ і што адбываецца пад Харкавам
2024.05.18 12:44

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu

Стужка навінаў